Разделы сайта

Главная

Музей "Якуб Колас на Палессі"

Жыві, мілы Колас,

Многа летаў, зімаў.

З ясным сонцам побач

На зямлі радзімай. (Я. Купала)

На карце свету пазначана шмат кропак, якія звязаны з імем Якуба Коласа. І наша вёска Сінкевічы з'яўляецца не выключэннем.

У гонар  аб наведванні  народнага песняра Беларусі Якуба Коласа створаны  школьный музей “Якуб Колас на Палессі”.

Школа мае цікавую  гісторыю. Упершыню вучні прыйшлі ў яе сцены ў 1949 годзе. Цяпер у Сінкевічах вялікая трохпавярховая школа. Лістапад 1992 год – гэта год заснавання музея Якуба Коласа.

Музей мае тры экспазіцыі. Плошча экспазіцый 54 кв. м.  У музеі зарэгістравана 54 экспаната. Экскурсіі і ўсе мерапрыемствы праводзяцца на беларускай мове.

 Пры ўваходзе ў музей наведвальнікам кідаецца ў вочы партрэт паэта . Сам музей выкарыстоўваецца для правядзення коласаўскіх чытанняў, конкурсаў, арганізацыі выставак, гутарак.

 Першая экспазіцыя «Якуб Колас і Палессе» расказвае пра жыццёвы і творчы шлях  Якуба Коласа . Стэнды пакояў знаёмяць наведвальнікаў з радзімай паэта, яго вучобай, з жыццём на Лунінеччыне.  Цікавасць выклікаюць вершы, напісаныя Коласам у  лунінецкі  перыяд.

Другая экспазіцыя « Народныя промыслы» знаёміць з рэчамі  сялянскага побыту, якія вяртаюць да жыцця страчаную спадчыну беларусаў. Наведвальнікі музея могуць пазнаёміцца з кухонным посудам, ткацкімі прыладамі, нацыянальным адзеннем, прыладамі працы.

  Трэцяя экспазіцыя “Літаратурная  Беларусь” знаёміць  з творчасцю  белорускіх пісьменнікаў

Адкрыццё музея дало пачатак традыцыі правядзення школьных “Сінкевіцкіх Каласавін”, гасцямі якіх у розныя часы былі родныя Якуба Коласа і сучасныя пісьменнікі.

Калі вы хочаце прайсціся сцяжынкамі Якуба Коласа, пачуць з вуснаў  вучняў пра яго  жыццёвую і творчую дзейнасць ці проста атрымаць асалоду ад творчасці Якуба Коласа, – мы чакаем вас на экскурсію ў музей Якуба Коласа, які знаходзіцца ў вёсцы Сінкевічы, вуліца Школьная, 6.

Сардэчна запрашаем у музей!

1  студзеня 1947 года Якуба Коласа вылучылі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па 333 выбарчай акрузе ад Мікашэвіцкага фанернага завода. У склад акругі ўваходзіла і вёска Сінкевічы.

     Сямігадовая школа размяшчалася тады ў доме настаўніка Уладзіміра Вікенцьевіча Саўчука. Народу сабралася шмат, не ўсе змаглі размясціцца ў памяшканні. Якуб Колас прапанаваў правесці сустрэчу на вуліцы.

    Якуб Колас уважліва выслухаў кожнага. Калі ж спытаў дзяцей, што ім больш за ўсё хацелася б у дадзены момант, адна дзяўчынка прама і адказала: школы. Пісьменнік паабяцаў дапамагчы.

   Пазней Уладзімір Вікенцьевіч Саўчук напісаў Якубу Коласу пісьмо, у якім напомніў аб грамадскай просьбе. Хутка прыйшоў адказ. На бланку з грыфам “Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР” Якуб Колас пісаў:“…Быў у Міністра асветы па поваду вашай заявы... Для пачатку работ па будаўніцтву вашай школы Міністр асветы абяцаў адпусціць тысяч 80-100. У далейшым гэту суму можна будзе павялічыць за кошт другіх аб’ектаў. Буду  дабівацца такога павелічэння”.      

     У 1949 годзе вучні Сінкевічаў, Мокрава, Намакрава і іншых навакольных вёсак святкавалі наваселле ў прасторным двухпавярхоўным драўляным памяшканні. Амаль 20 гадоў у школе, пабудаванай з дапамогай Якуба Коласа, раздаваліся дзіцячыя галасы. У 1977 годзе падрастаючае пакаленне Сінкевічаў перабралася ў трохпавярховае сучаснае тыповае памяшканне.

Памяць пра “школу  Якуба Коласа” жыве. У 1992 годзе ў нашай школе адкрыўся музей народнага песняра “Якуб Колас на Палессі” (ініцыятар  стварэння – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Соф’я Васільеўна Врублеўская).